21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

20.02.2019

У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, той не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

            21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў нашай школе для вучняў 3-6 класаў прайшла гульня-віктарына “Гучная, звонкая матчына мова”. Удзельнічалі дзве каманды: “Васілінкі”(каманда дзяўчынак) і “Васількі” (каманда хлопчыкаў). Падчас мерапрыемства каманды чыталі вершы пра родную мову, разгадвалі загадкі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, успомнілі назвы беларускіх гарадоў, вымаўлялі на хуткасць скорагаворкі. Кожны правільны адказ ацэньваўся пэўнай колькасцю балаў, якія адпавядалі кветачкам васілька. З васількоў вучні фарміравалі букеты.

            Вучні добра адказвалі на пытанні, удала падбіралі да рускіх слоў беларускія адпаведнікі, праявілі здагадку і кемлівасць. Перамагла каманда “Васілінкі”.

            Мерапрыемства садзейнічала фарміраванню моўнай культуры вучняў, узбагачэнню слоўнікавага запасу, далучыла іх да таямніц роднай мовы, выклікала цікавасць да яе.

            Шануйце, беларусы, родную мову! Размаўляйце на ёй не толькі ў Дзень роднай мовы!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кучэйка А.А.

Фота Дубешка І.І.


Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яно – люстэрка культуры і форма яе існавання, духоўнае аблічча і сутнасць чалавека.

20 лютага ў нашай школе прайшла гульня “Лінгвістычны крос”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікамі і гледачамі мерапрыемства, арганізаванага настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Яшчук Ю.Л., сталі вучні 5-11 класаў.

Школьнікам загадзя было дадзена дамашняе заданне: даць назву камандзе, падрыхтаваць адпаведныя эмблемы, дэвіз  каманды. З ім вучні справіліся цудоўна.

Камандам былі прапанаваны конкурсныя заданні: “Выпраў памылкі”, “Залацінкі народнай мудрасці”, “Загадкі-жарты”, “Канструктар” і іншыя.

Падчас мерапрыемства вучні чыталі вершы пра родную мову, слухалі беларускія песні. Весялосць і добразычлівасць панавалі ў зале пры правядзенні свята.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яшчук Ю.Л.

Фота Яшчук Ю.Л., Мізгір Эвеліны


21 лютага для вучняў 2-4 класаў прайшло мерапрыемства, прысвечанае беларускай мове – “Моўныя скарбы роднага краю”. Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб той бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб ты багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём у Беларусі.

Дзеці прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. З задавальненнем разгадвалі загадкі, рэбусы, шарады, самі прыдумвалі чатырохрадкоўі. Вучні засталіся задаволеныя мерапрыемствам і новымі набытымі ведамі. На развітанне дзеці пажадалі добрага дня адзін аднаму і свайму настаўніку.

Класны кіраўнік 3 класа Карачун С.М.

Фота Дубешка І.І.

 

Фотагалерэя