Мова – душа народа

21.02.2022

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

ты самацветаў яскравая нізка.

Уладзімір Дубоўка

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

21 лютага ў 8 класе прашла інфармацыйная гадзіна “Мова – душа народа”. Класны кіраўнік расказала аб тым, што у спадчыну нам засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб. Звярнулі ўвагу на тое, што беларуская мова – адна з усходнеславянскіх моў, прыгожая, напеўная, меладычная, яна паспяхова выконае свае функцыі ў розных сферах зносін беларусаў. Веданне роднай мовы далучае нас да жыццёвага вопыту нашых продкаў, да багатай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага беларускага народа.

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы не пакінула вучняў абыякавымі. Яшчэ раз мы ўсе ўпэўніліся ў тым, якая наша мова прыгожая, чароўная, мілагучная і непаўторная!

 

Класны кіраўнік 8 класа Кучэйка А. А.

Фота аўтара