Шануйце роднае слова!

21.02.2022

Мілая, адзіная

Нам, нашчадкам, дадзена

Любаю радзімаю

Ад дзядоў і прадзедаў.

Уладзімір Мазго

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнага чалавека, для кожнага народа. Дзякуючы роднай мове мы пазнаём жыццё, навакольны свет, вывучаем гісторыю, зазіраем у будучыню. Мова - гэта дарагі скарб.

З мэтай узмацнення матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры з 21 па 26 лютага ў нашай школе праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Сёння, 21 лютага, вучні пазнаёміліся з планам, прапанаваным настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, і атрымалі папераджальныя заданні, якія будуць садзейнічаць развіццю маўлення навучэнцаў на роднай беларускай мове.

Вучні 6-7 класаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульніШануйце роднае слова!. Спаборнічалі дзве каманды: «Васілёк» і «Вогнішча». Школьнікам загадзя было дадзена дамашняе заданне: даць назву камандзе, падрыхтаваць адпаведныя эмблемы, дэвіз каманды. З ім вучні справіліся цудоўна.

Камандам былі прапанаваны конкурсныя заданні: «Грані слова», «Інтэлектуальная азбука», «У свеце прыказак і прымавак», «Перакладчыкі» і іншыя.

У гульні каманда «Васілёк» набрала 36 балаў, а каманда «Вогнішча» - 34 балы. Пераможцам стала каманда «Васілёк». Віншуем!

Вучням хочацца пажадаць: гаварыце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яшчук Ю. Л.

Фота аўтара