Інтэлектуальная гульня “Гучная, звонкая, матчына мова”

19.09.2022

Беларуская мова чаруе, вабіць сваёй прыгажосцю, мілагучнасцю і непаўторнасцю. Няма нічога лепшага за мову, якая завецца роднай. Менавіта на ёй чалавек гаворыць з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі хтосьці пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе, саромеецца, тым больш зневажае.

19 верасня вучні 6-9 класаў удзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Гучная, звонкая, матчына мова”, прысвечанай цудоўнай, пявучай, роднай мове, разам паспрабавалі высветліць, як удзельнікі валодаюць беларускім словам, разумеюць і адчуваюць яго. Спаборнічалі за званне лепшых каманды “Сябры” і “Мовазнаўцы”. Удзельнікі прымалі ўдзел у конкурсах “Прыгадваем”(размінка), “Пазнаём” ,“Перакладаем” “Тлумачым”, “Ужываем, выкарыстоўваем”, “Цытуем” і “Спяваем”. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды ўдзельнікаў працавалі вельмі дружна і актыўна. Яны перакладалі рускамоўныя словазлучэнні з рускай мовы на беларускую адным словам, працягвалі беларускія прыказкі ў рыфму, выбіралі правільны варыянт тлумачэння лексічнага значэння слова, узгадвалі назвы прадметаў па-беларуску, успаміналі вершы беларускіх паэтаў, пакладзеныя на музыку. Напрыканцы гульні былі падведзены яе вынікі. Усе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні былі ўзнагарджаны.

Інтэлектуальныя гульні дапамагаюць разнастаіць вольны час, развіць разумовыя здольнасці, пашырыць слоўнікавы запас, палепшыць памяць, стаць больш уважлівым. А гэта ў жыцці вельмі спатрэбіцца!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кучэйка А. А.

Фота аўтара