У школе прайшоў Тыдзень роднай мовы

25.2.2015

У нашай школе з 16 лютага па 21 лютага 2015 года прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У межах тыдня былі арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Усе яны былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў падлеткаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў. На школьным стэндзе быў размешчаны план тыдня, размяшчалася інфармацыя аб тых мерапрыемствах, якія адбудуцца ў пэўны дзень. Да правядзення тыдня беларускай мовы рыхтаваліся і вучні і настаўнікі.

У бібліятэцы Гацуковіч Л.І. арганізавала выставу мастацкай літаратуры “Ты будзеш звінець, мая родная мова”, быў  падрыхтаваны стэнд з выказваннямі вядомых беларусаў аб роднай мове.

Таксама ва ўстанове адукацыі прайшла акцыя “Гаворым па-беларуску”. Цэлы дзень настаўнікі і вучні спрабавалі размаўляць толькі на беларускай мове. Пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай  мовы і літаратуры Карповіч М.У. вучні прадэманстравалі свае аратарскія ўменні ў конкурсе чытальнікаў вершаў славутага земляка – паэта і мастака Анатолія Галушкі. Вучні пазнаёміліся з яго біяграфіяй, вершаванымі творамі і творамі мастацтва. На працягу тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні 3 – 10 класаў прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў  “Мой родны кут, як ты мне мілы”, у якім юныя мастакі выказалі сваю любоў да родных мясцін.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы  беларускай мовы і літаратуры Яшчук Ю.Л. вучні 5 – 10 класаў прынялі ўдзел у мерапрыемствах: гульні-падарожжы “Лепшы знаўца беларускай літаратуры” і “Лінгвістычны крос”. Пры правядзенні гульні-падарожжа вучням загадзя было дадзена дамашняе заданне: даць назву камандзе, падрыхтаваць адпаведныя эмблемы, дэвіз  каманды. З ім вучні справіліся цудоўна. Заданні ў ходзе спаборніцтва каманд былі самыя розныя: арфаграфічныя хвілінкі, збяры са слоў сказ, пятае лішняе, назаві апісанне дзеяння ці прадмета адным словам і іншыя. Весялосць, добразычлівасць, атмасфера даверу панавалі ў зале пры правядзенні “Лінгвістычнага кросу”. Кіраўнік мерапрыемства Ю.Л.Яшчук падрыхтавала заданні з гумарам, якія ўзнялі настрой у вучняў, выклікалі цікавасць і жаданне прыняць удзел у конкурсе.

Да Міжнароднага дня роднай мовы 19 лютага для вучняў 3 - 5 класаў Карповіч М.У. правяла выхаваўчае мерапрыемства “Знаўцы беларускай мовы”. У кабінеце рускай мовы была аформлена кніжная выстава твораў на беларускай мове. На дошцы – выказванні пра мову, партрэты беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.Настаўніца падабрала цікавыя заданні у адпаведнасці з тэмамі конкурсаў. Вучні адгадвалі загадкі і рэбусы, успомнілі літаратурных герояў, беларускіх пісьменнікаў, расказвалі прыказкі і прымаўкі, працавалі з фразеалагізмамі, гулялі ў перакладчыкаў. Мерапрыемства запомнілася ўсім. Кожны вучань у сваім сэрцы пакінуў, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова. Адчувалася атмасфера даверу і добразычлівасці.

Вучні 3 – 10 класаў 19 лютага прынялі ўдзел у лінгвістычным конкурсе “Буслік”.

Заключным мерапрыемствам тыдня стала “Масленіца”. Свята, якое арганізавалі Ціунчык Н.А., Яшчук Ю.Л., Карповіч М.У., пакінула незабыўнае ўражанне ў вучняў. Вучні з цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсх, спявалі песні на беларускай мове, вадзілі карагоды. Пасля спальвання пудзіла Масленіцы ўсіх удзельнікаў свята запрасілі паласавацца блінамі з варэннем, пячэннем і іншымі пачастункамі. Тыдзень атрымаўся цікавым і вельмі насычаным.

На наступным тыдні, у панядзелак, былі падведзены вынікі мерапрыемстваў, вызначаны самыя актыўныя іх удзельнікі. На лінейцы, ва ўрачыстай абстаноўцы, пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі.

Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі беларускай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы, настаўнікі ДУА “Волькаўская сярэдняя школа”, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, – гонар за сваю мову!

 

Марына Уладзіміраўна Карповіч,

настаўніца рускай мовы і літаратуры.

Фота М.У. Карповіч, Ю.Л. Яшчук

ТыдзеньФОТА

Масленіца. ФОТА