21 лютага – Міжнародны Дзень роднай мовы

25.2.2014
 
 
            У нашай школе былі спланаваны і праведзены розныя цікавыя мерапрыемствы. Бібліятэкар Гацуковіч Л. І. аформіла выставу кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Кіраўнік краязнаўчага гуртка Горбач В. А. у краязнаўчым музеі прадставіла экспазіцыю краязнаўчага матэрыялу з жыцця і побыту мясцовых жыхароў. Настаўніца пачатковых класаў Дубешка І. І. з вучнямі 2-4 класаў правяла турнір знаўцаў беларускай мовы “Моўныя скарбы роднага краю”, на якім удзельнікі дзвюх каманд успаміналі і прагаворвалі беларускія прымаўкі, прыказкі, выгаворвалі беларускія скарагаворкі, выпісвалі назвы птушак з вершаў беларускіх паэтаў, актыўна складалі славазлучэнні, з задавальненнем спаборнічалі ў выразным чытанні вершаў. Дзеці ведаюць беларускую мову і любяць яе.
            Для вучняў 8-11 класаў настаўніца беларускай мовы Яшчук Ю. Л. правяла гульню “Пішам па-новаму”. Дзве змешаныя каманды вучняў розных класаў актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах. Яны складалі мазайку з беларускіх слоў, вершы з прапанаванымі ім слоў, працавалі “карэктарамі”, хутка замянялі сказы адным словам, разгадвалі крыжаванкі. У канцы мерапрыемства школьнікі называлі ласкавыя беларускія словы, заклікалі размаўляць па-беларуску, чытаць беларускія творы.
У выглядзе тэлеперадачы настаўнік беларускай мовы Кучэйка А. А. пад гучанне беларускіх народных мелодый правяла цікавае і карыснае мерапрыемства “Гімн роднай мовы”. Тэлевядучыя паведамілі гледачам гісторыю ўзнікнення свята, падкрэслілі значнасць роднай мовы для чалавека. У час мерапрыемства гучалі вершы беларускіх паэтаў М. Танка, П. Панчанкі, У. Дубоўкі пра родную мову, песні на беларускай мове. Была праведзена інтэрактыўная гульня па прыказках. Вучні 5 і 7 класаў падрыхтавалі інсцэніроўкі ўрыўка з беларускай народнай казкі і верша “У кнігарні” Ю. Свіркі. У якасці наказу берагчы родную мову для гледачоў прагучаў верш В. Шведа “Дзесяць запаведзяў”.
Усе праведзеныя мерапрыемствы вельмі спадабаліся ўдзельнікам і прысутным, прынеслі вялікую карысць для кожнага.
 
 
Н. А. Ціунчык,

намеснік дырэктара па ВВР

Фота - Т. М. Скараход, Л. І. Гацуковіч