Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

23.11.2013
З 18 па 23 лістапада бягучага года ў нашай школе быў арганізаваны і праведзены тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які мы прысвяцілі памяці вядомай беларускай паэтэсы-ясяльдзянкі Яўгеніі Янішчыц. Цэлы тыдзень вучні 5-11 класаў прымалі ўдзел у мерапрыемствах, падрыхтаваных настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Кучэйка А.А. Мэта гэтых дзён – садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы і культуры; прывіваць цікавасць да творчасці Яўгеніі Янішчыц.
У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні 5-11 класаў рыхтавалі сценгазеты, прысвечаныя 65-годдзю з дня нараджэння зорачкі палескага краю з в.Рудка Я.Янішчыц. Лепшай была адзначана газета калектыву вучняў 7 класа. Віншуем!
Для вучняў 5-6 класаў была арганізавана інтэлектуальная гульня “Мая Беларусь”. Спаборнічалі дзве каманды: “Васількі” і “Беларусы”. Пытанні складаліся па 6 намінацыях: “Дзяржава і яе сімвалы”, “Культурная спадчына”, “Песняры”, “У свеце народных традыцый”, “Крок у будучае”, “Зямля пад белымі крыламі”. Пераможцамі сталі вучні з каманды “Беларусы”. Віншуем!
23 лістапада вучні 5-9 класаў сталі ўдзельнікамі літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Будзе вечна блізкім рэхам гучаць твой голас малады!”, прысвечанай памяці паэтэсы, жыццёвы шлях якой склаў усяго толькі 40 гадоў, Яўгеніі Янішчыц. Гучалі вершы, прысвечаныя палескаму краю (“Добры вечар, землякі!”, “Сінін” і інш.) і вершы-прысвячэнні паэтэсе ад імя яе сяброў, успаміны родных паэтэсы і яе настаўнікаў, песні беларускіх кампазітараў на словы Я.Янішчыц. Вучні мелі магчымасць глыбей пазнаёміцца са светам паэзіі ясяльдзянкі.
У межах тыдня беларускай мовы і літаратуры праходіла акцыя “Буккроссинг”. Самымі актыўнымі яе ўдзельнікамі сталі вучні 6 класа, якія звярталіся да “безопасной полки” не толькі для таго, каб пачытаць кнігу, але і дапоўнілі створаны ў школе вугалок сваімі кнігамі і часопісамі. Дзякуем!
Тыдзень прайшоў на добрым узроўні, паказаў, што вучні цікавяцца беларускай мовай, літаратурай, спадчынай. І я пераканана, што такія тыдні трэба праводзіць не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.

Кучэйка А.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры



Глядзець ФОТА .